КАСМІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ ВЫВУЧЭ́ННЯ І КАНТРО́ЛЮ ПРЫРО́ДНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,

сукупнасць метадаў, спосабаў і апаратуры для фіксавання параметраў, вывучэння і кантролю будовы, саставу і дынамікі прыроднага асяроддзя з космасу. З дапамогай ШСЗ вядуць пошук карысных выкапняў, вывучаюць дынаміку перыяд. (сутачных, сезонных і інш.) і эпізадычных (ураганы, тайфуны, вывяржэнні вулканаў, пылавыя буры і інш.) прыродных з’яў, фіксуюць праявы антрапагеннай дзейнасці (рэгіянальныя змены ландшафтаў вакол гарадоў, забруджванне вод, энергет. страты з індустр. і жылых аб’ектаў і інш.). З дапамогай касм. метадаў назірання вызначаюць запас вільгаці на палях, стан пасеваў с.-г. культур, прагназуюць ураджай і інш. У лясной гаспадарцы выкарыстоўваюцца для картаграфавання ляснога фонду, інвентарызацыі лясных рэсурсаў і інш. Вызначаюцца высокай навук. і эканам. эфектыўнасцю. Уваходзяць у сістэму экалагічнага маніторынгу.

т. 8, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)